21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Місія Міжнароднага валютнага фонду ў ходзе цяперашняга візіту абмяркуе з Беларуссю новую крэдытную праграму, заявіў сёння журналістам кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адпаведнае абмеркаванне будзе праходзіць з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі на будучым тыдні. Наша асноўная задача ў тым, каб гэты працэс ішоў наперад", - заявіў
Пітэр Долман.Кіраўнік місіі МВФ па Беларусі нагадаў, што раней у ходзе абмеркаванняў з урадам вялікае значэнне надавалася рэформам сектара дзяржпрадпрыемстваў. Паводле яго слоў, гэта патрэбна, каб "прынесці больш якасны менеджмент у сектар дзяржпрадпрыемстваў і забяспечыць іх больш дакладнае функцыянаванне". Таксама раней абмяркоўваліся пытанні лібералізацыі цэн і рэфармавання тарыфаў на ЖКП. Паводле слоў Пітэра Долмана, МВФ лічыць правільным падыход урада Беларусі ў галіне развіцця асноў грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі.
"Што датычыцца тэксту якога-небудзь магчымага крэдытнага пагаднення паміж МВФ і ўрадам Беларусі, то ён будзе распаўсюджаны тады, калі будзе гатовы", - дадаў Пітэр Долман.
Як паведамлялася, місія МВФ на чале з яе кіраўніком Пітэрам Долманам будзе працаваць у Беларусі з 19 верасня па 1 кастрычніка. Да гэтага місія МВФ наведвала Мінск з 21 па 30 чэрвеня, каб правесці ацэнку бягучай эканамічнай палітыкі і штогадовыя кансультацыі з уладамі па Артыкуле
IV.