14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масква і Мінск на фоне заходніх санкцый прымаюць скаардынаваныя меры для забеспячэння эканамічнай бяспекі і лічаць неабходным узмацніць кааперацыю ў Саюзнай дзяржаве. Аб гэтым заявіў старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, паведамляе ТАСС.
Міхаіл Мішусцін адзначыў, што краіны Захаду сёння аказваюць на РФ і Беларусь маштабны санкцыйны націск, мэтай якога з'яўляецца падрыў эканамічнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў, ускладненне работы фінансавых сістэм, разрыў вытворчых ланцужкоў і ў канчатковым выніку пагаршэнне якасці жыцця грамадзян.
"І ў гэтай сітуацыі мы прымаем скаардынаваныя меры, каб абараніць нашу эканамічную бяспеку і тэхналагічны суверэнітэт Расіі і Беларусі. Перш за ўсё, лічым неабходным узмацніць інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве", - адзначыў Мішусцін.
Паводле яго слоў, надзейную аснову для гэтага ствараюць 28 саюзных праграм, зацверджаных у лістападзе мінулага года Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы. Яны прадугледжваюць стварэнне адзінай эканамічнай і сацыяльнай прасторы, глыбокую кааперацыю ў прамысловасці, энергетыцы, сельскай гаспадарцы, лічбавай эканоміцы, транспартнай сферы і многіх іншых галінах.
"Мы актыўна займаемся збліжэннем нашай рэгуляторыкі ў падатковай, у мытнай сферы, у антыманапольным заканадаўстве. Фарміруем таксама агульныя правілы работы ў фінансавай і банкаўскіх галінах", - расказаў кіраўнік расійскага Кабміна.
Мішусцін падкрэсліў, што важна сумеснымі намаганнямі забяспечыць далейшы рост тавараабароту паміж Расіяй і Беларуссю. У мінулым годзе ён павялічыўся прыкладна на 34 працэнты ў параўнанні з 2020 годам і дасягнуў $38,5 млрд.
Старшыня ўрада РФ звярнуў увагу, што дзве краіны прадаўжаюць рэалізацыю значных інвестпраектаў, паскараюць запуск новых ініцыятыў і будуць умацоўваць ланцужкі ўзаемных паставак тавараў і паслуг, пашыраць праграмы імпартазамяшчэння.
"Самае галоўнае - вызначым новыя пункты росту эканомік Расіі і Беларусі. Перакананы, што нелегітымныя эканамічныя санкцыі не змогуць перашкодзіць інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве і далейшаму развіццю нашых братэрскіх адносін", - рэзюмаваў ён.
Расійскі прэм'ер дадаў, што Масква гатова абмеркаваць на перагаворах самыя актуальныя пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якія былі пастаўлены прэзідэнтамі дзвюх краін.
Акрамя таго, Мішусцін падзякаваў беларускім калегам за канструктыўную ацэнку сітуацыі вакол Украіны. Паводле слоў Мішусціна, Масква даражыць саюзніцкімі і партнёрскімі ўзаемаадносінамі з Мінскам.