7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны саюз аўтамабільнага транспарту (МСАТ) гатовы аказваць усебаковую падтрымку ініцыятывам у сферы аўтатранспарту ў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада па выніках сённяшняй сустрэчы намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна з дэлегацыяй МСАТ на чале з яго генеральным сакратаром Умберта дэ Прэта.
"Прадстаўнікі МСАТ выказалі зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь, а таксама гатоўнасць аказаць усебаковую падтрымку краіне ў рэалізацыі ініцыятыў у галіне аўтамабільнага транспарту", - сказалі ў прэс-службе.
Генеральны сакратар адзначыў высокі ўзровень прафесіяналізму беларускіх аўтамабільных перавозчыкаў, якія займаюць вядучыя пазіцыі на рынку міжнародных перавозак грузаў. Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні развіцця аўтамабільнага транспарту і ролі Беларусі ва ўмовах інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне, стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, рэалізацыі КНР ініцыятывы аб стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. "Пры гэтым была адзначана магчымасць Беларусі стаць важным элементам такога пояса з улікам лагістычнай сістэмы, якая актыўна развіваецца, і стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які можа стаць перавалачным хабам з Азіі ў Еўропу", - канстатавалі ў прэс-службе.
Прадстаўнікам МСАТ была даведзена інфармацыя аб перспектыўных напрамках развіцця беларускага аўтатранспартнага комплексу, транзітнай прывабнасці рэспублікі, улічваючы геаграфічнае і геапалітычнае становішчы.
Беларускі бок падкрэсліў значную ролю МСАТ у вырашэнні пытанняў развіцця аўтамабільных перавозак грузаў і пасажыраў, удасканаленні ўмоў работы аўтамабільных перавозчыкаў.
Міжнародны саюз аўтамабільнага транспарту заснаваны ў 1948 годзе ў Жэневе і ажыццяўляе сваю дзейнасць больш як у 100 краінах, прадстаўляючы інтарэсы пасажырскіх і грузавых аўтамабільных перавозчыкаў, аператараў таксі на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Яго місія - садзейнічаць устойліваму развіццю аўтамабільнага транспарту, у тым ліку шляхам укаранення інавацый і прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.
У адпаведнасці з мандатам ААН МСАТ упаўнаважаны адміністраваць глабальную сістэму транспарціроўкі грузаў, што спрашчае працэдуры іх афармлення пры перасячэнні граніц.