8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод мае намер нарасціць экспарт прадукцыі больш як на 12 працэнтаў. Аб гэтым сказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Рагожнік у час выстаўкі "Белагра-2022", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ММЗ.
На выстаўцы ММЗ прадставіў перспектыўныя рухавікі MMZ-2LD, газадызель MMZ-3LGDT, Д-246.4, MMZ-4DTI, Д-262.2S2, ГД-243, дызель-генератарныя ўстаноўкі МДГ, а таксама кампрэсарную прычэп-станцыю і дызель-помпавую ўстаноўку вытворчасці Гомельскага завода пускавых рухавікоў.
Пасля ўрачыстага адкрыцця выстаўкі экспазіцыю ММЗ наведалі намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў і міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. Генеральны дырэктар ММЗ расказаў гасцям аб дасягненнях прадпрыемства.
"Выкананне ключавых паказчыкаў рэалізацыі прадукцыі за пяць месяцаў бягучага года дае магчымасць з аптымізмам глядзець у будучыню і гаварыць пра дастаткова эфектыўную работу прадпрыемства. Гэта з'яўляецца неабходнай умовай для інвесціравання ў распрацоўку новай прадукцыі, для маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў, а таксама для правядзення комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці", - адзначыў ён.
Мінскі маторны завод па выніках мінулага года паспяхова выканаў усе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, нарасціў знешнія пастаўкі прадукцыі амаль на 12 працэнтаў. "Дадатная дынаміка прасочваецца і ў бягучым годзе. Упэўнена расце попыт на продажы спецыяльнай тэхнікі. За пяць месяцаў аб'ёмы яе рэалізацыі павялічыліся больш як у 3,5 раза", - сказаў Аляксандр Рагожнік.
"Наш поспех пацверджаны высокай дзяржаўнай узнагародай. Прадпрыемства па выніках работы за мінулы год удастоена прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі. Гэта падкрэсліла на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях устойлівае развіццё Мінскага маторнага завода, нашу здольнасць устанаўліваць, дасягаць і падтрымліваць бесперапыннае аднаўленне сацыяльна-эканамічных працэсаў, у прыватнасці вытворчасці матэрыяльных даброт і паслуг, на працягу доўгага часу", - паведаміў гендырэктар.
Па выніках бягучага года плануемы тэмп росту экспарту прадукцыі - 112 працэнтаў. "Гэты паказчык даведзены ўрадам, але мы разлічваем, што перасягнём і гэты пасільны нам рубеж і будзем расці вышэй па экспарце. Удзел у выстаўцы "Белагра" - выдатная нагода прадэманстраваць свае навінкі пастаянным спажыўцам, здзівіць патэнцыяльных, заключыць новыя кантракты", - падкрэсліў ён.
У першы дзень работы выстаўкі на экспазіцыі ММЗ пабывалі партнёры з Расіі, Узбекістана, Кыргызстана, Венгрыі. Прадстаўнічая дэлегацыя з Хакасіі цікавілася як рухавікамі, так і дызель-генератарнымі ўстаноўкамі.
Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 кВт да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін.