27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск і Масква дамовіліся да канца года адпрацаваць кампенсацыйныя механізмы для эканомікі Беларусі ад падатковага манеўру ў РФ. Аб гэтым 26 жніўня ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, паведамляе БЕЛТА.
У праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год Беларусь цалкам улічыла негатыўныя наступствы ўвядзення Расіяй другога этапу падатковага манеўру з 1 студзеня 2019-га. "У нас ёсць дамоўленасць з расійскімі калегамі да канца года адпрацаваць кампенсацыйныя механізмы для нашай эканомікі. Але пакуль для карэктнасці разлікаў мы ўзялі лічбы па самым негатыўным варыянце", - адзначыў міністр.
Дзмітрый Крутой расказаў аб карэкціроўках параметраў праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год. Так, ВУП па мэтавым сцэнарыі зніжаны да 104 працэнтаў (раней 104,1 працэнта), па базавым - да 102,1 працэнта (102,8 працэнта). "Літаральна за апошнія паўмесяца адбыліся істотныя змяненні знешніх параметраў. Міжнародныя арганізацыі знізілі тэмпы росту сусветнага ВУП, расійскія калегі з Мінэканамразвіцця ўдакладнілі прагноз на 2019 год - у іх ВУП даволі істотна знізіўся на 0,8 працэнтнага пункта", - растлумачыў ён.
Апошнія ваганні расійскага рубля запатрабавалі карэкціроўкі валютных курсаў. Яны былі аператыўна праведзены Нацыянальным банкам і ўлічаны ў прагнозных дакументах. Яшчэ адным фактарам для змянення прагнозных параметраў паслужыла новая ацэнка 2019 года па кошце бараля нафты. Раней яна была закладзена ў мэтавым сцэнарыі на ўзроўні $70 за бараль, цяпер - $65.
Што датычыцца рэальных грашовых даходаў, то згодна з праектам прагнозу яны павялічацца на 3,4 працэнта. Сярэдняя зарплата ў цэлым па эканоміцы за 2019 год прагназуецца на ўзроўні Br1025.