25 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж Мінскам і Калугай падпісалі 25 сакавіка старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і выконваючы паўнамоцтвы гарадскога галавы Калугі Канстанцін Баранаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
Падпісанне адбылося ў час сустрэчы беларускай дэлегацыі з губернатарам Калужскай вобласці Анатолем Артамонавым. У ходзе перагавораў былі прадстаўлены асновы інвестыцыйнай палітыкі Калужскай вобласці і паспяхова рэалізуемыя праекты ў сферы аўтапрама, фармацэўтыкі, транспарту і лагістыкі, а таксама аграпрамысловага комплексу. Акрамя таго, размова ішла аб паспяховым супрацоўніцтве Беларусі і Калужскай вобласці ў сферы жыллёвага будаўніцтва. Так, у абласным цэнтры ўзводзіцца жылы квартал "Малінаўка", рэалізацыя якога праводзіцца ў партнёрстве з беларускім прадпрыемствам ААТ "МАПІД". Праектам забудовы прадугледжана ўзвядзенне 5 жылых дамоў ад 9 да 19 паверхаў.
"У нас ёсць шмат напрамкаў супрацоўніцтва, якія не былі разгледжаны да гэтай сустрэчы. У прыватнасці, нашы прадпрыемствы могуць стаць рэзідэнтамі асаблівай эканамічнай зоны "Людзінава". Сельская гаспадарка і лесаперапрацоўка таксама знаходзяцца ў зоне нашых агульных інтарэсаў", - пракаменціраваў Андрэй Шорац.
У сваю чаргу Анатоль Артамонаў падкрэсліў, што ўзаемадзеянне будзе не толькі ў рамках гарадоў, але і рэгіёнаў. "Мы зацікаўлены ў развіцці навукова-адукацыйнага і культурнага супрацоўніцтва. Але эканоміка застанецца лакаматывам нашых дзелавых адносін", - рэзюмаваў ён.
Беларуская дэлегацыя наведала шэраг інфраструктурных праектаў Калужскага рэгіёна, у прыватнасці, індустрыяльныя паркі з размешчанымі на іх тэрыторыі прадпрыемствамі.
У адпаведнасці з дамоўленасцю паміж Мінскам і Калугай, у раёне Правабярэжжа расійскага абласнога цэнтра будзе пабудаваны шматфункцыянальны кірмашовы комплекс "Беларускі рынак", дзе оптам і ў розніцу можна будзе набыць як харчовыя, так і нехарчовыя беларускія тавары.
Акрамя таго, тут жа беларускі бок створыць буйны лагістычны цэнтр.