18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт прадуктаў харчавання па выніках года, паводле прагнозаў, можа перасягнуць $6 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння ў час прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі захаваецца бягучая дынаміка, то прагназуецца, што мы перавысім раней запланаваную лічбу $6 млрд па экспарце прадуктаў харчавання. Нагадаю, што ў мінулым годзе было $5,8 млрд. А ў 2025 годзе мы плануем падысці да лічбы $7 млрд. З улікам планаў па росце вытворчасці і высокай кан'юнктуры сусветнага рынку ў цэнавым сегменце думаем, што гэтай лічбы мы з упэўненасцю дасягнём. Асноўны трэнд гэтай пяцігодкі - павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці малака, мяса, раслінаводчай прадукцыі, а таксама паглыбленне перапрацоўкі. Гэта значыць будзе расці асартымент тавараў, якія пастаўляюцца на экспарт. У нас ёсць і стратэгія, і праграма па павелічэнні выхаду гатовай прадукцыі з 1 т сыравіны", - сказаў Аляксей Багданаў.
Па выніках 9 месяцаў бягучага года экспарт беларускіх прадуктаў харчавання вырас на 12,6 працэнта і перасягнуў $4,7 млрд. "Доля АПК у агульнай карзіне беларускага экспарту склала практычна 17 працэнтаў. Геаграфія застаецца вельмі шырокай: беларускія прадукты харчавання пастаўляюцца ў больш як 100 краін. Рост назіраецца па ўсіх рынках, у тым ліку РФ, хоць яго доля ў агульным аб'ёме экспарту прадаўжае зніжацца ў сувязі з дыверсіфікацыяй паставак", - адзначыў намеснік міністра.