21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці Беларусі надае вялікае значэнне ўзаемадзеянню з Нікарагуа і разглядае краіну як адну з патэнцыяльных для прасоўвання тэхнікі ў лацінаамерыканскі рэгіён. Аб гэтым заявіў намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык у час сустрэчы з намеснікам міністра транспарту Нікарагуа Амару Рамірэзам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
У маі гэтага года кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін падпісалі генеральнае міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні экспартных крэдытаў. Дзмітрый Харытончык выказаў упэўненасць, што рэалізацыя дакумента дасць дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва краін, у тым ліку па пастаўках тэхнікі. Намеснік міністра прамысловасці адзначыў значны патэнцыял для ўмацавання двухбаковых кантактаў і абазначыў гатоўнасць прапанаваць нікарагуанскаму боку ўвесь асартымент тэхнікі беларускіх прадпрыемстваў.
Амару Рамірэз галоўнай мэтай візіту назваў развіццё супрацоўніцтва ў рамках генеральнага міжурадавага пагаднення і выказаў зацікаўленасць у арганізацыі паставак беларускіх аўтобусаў, сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі. "Мы ўжо наведалі шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Неабходна ў бліжэйшы час выйсці на канкрэтныя камерцыйныя прапановы, вызначыць аб'ём і тэрміны паставак", - сказаў намеснік міністра транспарту Нікарагуа.
У час сустрэчы бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Удзел у перагаворах таксама прыняў ганаровы консул Беларусі ў Нікарагуа Наэль Альберта Гайтан Авілес.