4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінлясгас плануе выставіць на таргі каля 20 тыс. куб.м піламатэрыялаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
Гандлёвая сесія па рэалізацыі пілапрадукцыі на ўнутраны рынак адбудзецца на Беларускай універсальнай таварнай біржы 12 мая. Арганізацыі Мінлясгаса маюць намер выставіць каля 20 тыс. куб.м піламатэрыялаў, з іх 15 тыс. куб.м хвойных і 5 тыс. куб.м ліставых парод.
Таргі пройдуць у два этапы. Спачатку пілапрадукцыю прапануюць юрыдычным асобам, якія працуюць у рэспубліцы. Калі лоты будуць незапатрабаваны, піламатэрыялы выставяць паўторна для рэалізацыі як унутры краіны, так і на экспарт.
Арганізацыі Мінлясгаса з 19 мая штотыдзень будуць выстаўляць на таргі не менш за 2 тыс. куб.м піламатэрыялаў для рэалізацыі выключна на ўнутраны рынак. "Такім чынам айчынныя прадпрыемствы змогуць забяспечыць свае патрэбнасці ў пілапрадукцыі ў прыярытэтным парадку. Экспарт жа будзе ажыццяўляцца па астаткавым прынцыпе. Пры гэтым цана, як і раней, будзе фарміравацца непасрэдна на біржавых таргах і залежаць ад узроўню попыту і прапанавання", - расказалі ў прэс-службе.
Паводле даных ведамства, доля вырабленай арганізацыямі Мінлясгаса пілапрадукцыі ў 2020 годзе склала 23 працэнты. Асноўныя вытворцы - прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.