10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі цяпер ацэньвае ўплыў нафтавага фактару на бюджэт, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер робім ацэнку. Яна вядзецца з пачатку бягучага года, паколькі дамоўленасці з нафтай пакуль не вызначаны, мы працуем у такім рэжыме", - адзначыў Дзмітрый Кійко.
Паводле слоў намесніка міністра, ацэнка ўплыву на бюджэт будзе падрыхтавана, калі вызначацца ўсе ўмовы па гандлі нафтай і, у прыватнасці, паставак з Расійскай Федэрацыі.
Адказваючы на пытанне, за кошт чаго прафіцыт рэспубліканскага бюджэту ў студзені сфарміраваўся ў памеры Br0,9 млрд, Дзмітрый Кійко растлумачыў: гэтаму садзейнічала паступленне падаткаў за папярэдні перыяд. "У студзені былі даходныя паступленні, звязаныя з дзейнасцю 2019 года. Паколькі ў нас падаткі выплачваюцца ў наступным перыядзе, то студзеньскія паступленні звязаны са снежаньскай актыўнасцю суб'ектаў гаспадарання", - удакладніў ён.
Як паведамлялася, беларускія НПЗ у студзені і лютым працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты. Аб'ём паставак у сакавіку складзе каля 1 млн т нафты, на НПЗ будзе перапрацоўвацца нафта, купленая ў азербайджанскай кампаніі Socar, а таксама сыравіна ад трэйдараў і пяці невялікіх расійскіх кампаній і "Сафмара".
Ва ўмовах скачкоў цэн на сусветным нафтавым рынку канцэрн "Белнафтахім" ацэньвае сітуацыю для прыняцця далейшых рашэнняў аб закупках. Напярэдадні сусветныя цэны на нафту рэзка знізіліся пасля таго, як краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. У бюджэт Беларусі на 2020 год закладзена цана нафты маркі Urals $60 за бараль.