9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ініцыявана пытанне аб зніжэнні цаны расійскага газу для Беларусі ў 2020 годзе. Аб гэтым сёння ў парламенце паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер прасочваецца ярка выяўленая дынаміка зніжэння сусветных цэн на энергарэсурсы, у тым ліку на прыродны газ. "У такіх абставінах беларускі бок ініцыяваў перад ПАТ "Газпрам" пытанне аб пераглядзе ў бок зніжэння кошту пастаўляемага ў 2020 годзе ў Беларусь прыроднага газу", - сказаў міністр.
"У якасці аднаго з механізмаў перагляду прапанавана магчымасць куплі вызначаных аб'ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах", - адзначыў Віктар Каранкевіч. Умовы рэалізацыі гэтага механізма будуць прадметам маючых адбыцца перагавораў з расійскім бокам, дадаў ён.
Міністр прадставіў сёння ў парламенце пратакол, якім уносяцца змяненні ў беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных у Беларусі, ад 25 лістапада 2011 года. Сутнасць дакумента ў тым, каб фінансавыя ўмовы паставак прыроднага газу ў краіну не пагаршаліся.
Пратакол ратыфікаваны сёння Палатай прадстаўнікоў.
Як паведамлялася, згодна з дакументам дзеянне міжурадавага пагаднення прадаўжаецца да 31 снежня 2020 года. Пратакол распаўсюджвае свае дзеянні на праваадносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2020 года.