9 сакавіка, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Мінэнерга Беларусі прапрацоўвае варыянты рэалізацыі сумесных праектаў у энергетычнай сферы ў Венесуэле, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.
"Плённа вядзецца супрацоўніцтва з гэтай краінай па кантрактах у сферы газіфікацыі населеных пунктаў Венесуэлы, навучання венесуэльскіх спецыялістаў, праектавання газавых сетак", - удакладнілі спецыялісты, гаворачы аб рэалізуемых цяпер праектах. У прэс-службе таксама адзначылі, што ўжо завершана рэалізацыя кантракта на пастаўку 11 тыс. камплектаў абсталявання для пераводу аўтамабіляў на выкарыстанне звадкаванага газу на суму амаль $8 млн.
У цэлым закранаючы вынікі 2014 года ў частцы ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі, спецыялісты прэс-службы паведамілі, што з Эквадорам, напрыклад, узгоднены план дзеянняў па ўдзеле беларускіх арганізацый сістэмы Мінэнерга ў рэалізацыі некалькіх праектаў у гэтай краіне.
Адпаведныя прапановы па актывізацыі супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы накіраваны кіраўніцтву Мінэнерга Сербіі і ДП "Сербіягаз". "Сербскаму боку таксама перададзены актуалізаваныя інфармацыйныя матэрыялы аб магчымасцях арганізацый і прадпрыемстваў Мінэнерга Беларусі", - адзначылі ў прэс-службе.
Дынамічна ўзаемадзейнічаюць энергетыкі Беларусі і Кітая. "Кітайскія кампаніі і банкі ўносяць значны ўклад у правядзенне маштабнай мадэрнізацыі беларускай энергасістэмы. Акрамя таго, канструктыўна развівалася супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі з Індыяй, В'етнамам і шэрагам іншых азіяцкіх краін", - дадалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, прапрацаваны магчымыя варыянты выхаду арганізацый Міністэрства энергетыкі на рынкі краін Афрыкі. Так, прапановы аб супрацоўніцтве ў электраэнергетычнай сферы накіраваны ў адрас кіраўніцтва адпаведнага ведамства Ганы. Таксама вывучаюцца перспектывы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з кампаніямі Кеніі і Уганды.