23 жніўня, Астравец /Кар. БЕЛТА/. Беларуская атамная электрастанцыя працуе на эканоміку краіны і прыносіць адчувальны эфект, дапамагаючы ў вырашэнні яе ключавых задач, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве энергетыкі.
Сярод эфектаў функцыянавання БелАЭС у ведамстве адзначылі наступныя.
Па-першае, пасля ўводу БелАЭС Беларусь поўнасцю адмовілася ад імпарту электрычнай энергіі.
Па-другое, дзяржаве ўдалося знізіць ступень сваёй залежнасці ад імпартуемага прыроднага газу. З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) станцыя сумарна выпрацавала больш за 34 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць звыш 9 млрд куб.м прыроднага газу.
Па-трэцяе, атрыманы і экалагічны эфект. За кошт работы БелАЭС выкіды парніковых газаў скараціліся больш як на 15 млн т.
Па-чацвёртае, атамная станцыя забяспечвае задавальненне ўсё большага ў краіне попыту на электраэнергію. Дзейнічаюць стымулюючыя тарыфы як для энергаёмістых вытворчасцей, так і для грамадзян, якія выкарыстоўваюць электраэнергію для ацяплення. У 2023 годзе ў рэйтынгу краін Еўропы па таннасці электраэнергіі Беларусь заняла трэцяе месца.
Па-пятае, станцыя стала драйверам развіцця сумежных галін эканомікі. Рыхтуецца да рэалізацыі шэраг інавацыйных праектаў - у прамысловасці, навуцы, медыцыне. Вялікі праект "БелАЭС" садзейнічае шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій на вытворчасцях і забяспечвае стварэнне новых рабочых месцаў.
Нарэшце, безумоўнай перавагай будаўніцтва АЭС стала развіццё Астраўца і Астравецкага раёна. За апошнія 10 гадоў Астравец ператварыўся ў прыгожы добраўпарадкаваны горад, дзе ёсць усе неабходныя ўмовы для камфортнага жыцця: пабудаваны новыя школы, дзіцячыя сады, бальніца, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і цэнтр культуры. У горадзе атамшчыкаў уведзена ў эксплуатацыю больш за 50 жылых дамоў - гэта звыш 200 тыс. кв.м жылля.
Сёння Беларускую атамную электрастанцыю ў час прэс-туру наведаюць прадстаўнікі СМІ і экспертнай супольнасці Казахстана. Удзельнікам прэс-туру прадставяць вопыт нашай краіны ў фарміраванні інфраструктуры для развіцця атамнай энергетыкі, падыходы па забеспячэнні бяспекі БелАЭС, напрацоўкі ў галіне падрыхтоўкі кадраў і прыклады супрацоўніцтва з вядучымі міжнароднымі арганізацыямі.