25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэзідэнтам Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" гарантаваны рэжым найбольшага эканамічнага спрыяння ў параўнанні з іншымі рэжымамі вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве эканомікі, каменціруючы ўказ нумар 166, апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
"Сярод найбольш прагрэсіўных навацый трэба адзначыць стабілізацыйную агаворку і магчымасць змянення прававога рэжыму індустрыяльнага парка выключна шляхам унясення змяненняў ва ўказ. Гарантаваны рэжым найбольшага эканамічнага спрыяння для рэзідэнтаў парка ў параўнанні з іншымі рэжымамі вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі", - адзначылі ў Мінэканомікі.
Дакументам замацавана забеспячэнне функцыянавання ў парку прынцыпу "адной станцыі" на базе адміністрацыі па аналогіі з кітайскім фарматам абслугоўвання інвестараў. Па вопыце Кітая, "адна станцыя" азначае ажыццяўленне неабходных інвестарам адміністрацыйных і іншых працэдур у адным месцы (як правіла, па месцы знаходжання адміністрацый эканамічных зон).
Устаноўлена, што правядзенне праверак у адносінах да рэзідэнтаў, інвестараў індустрыяльнага парка і сумеснай кіруючай кампаніі толькі па ўзгадненні з адміністрацыяй парка.
Акрамя таго, пашыраны крытэрыі для рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў парка: пералік асноўных напрамкаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў дапоўнены тэлекамунікацыямі, электроннай камерцыяй, дзейнасцю, звязанай з захоўваннем і апрацоўкай вялікіх аб'ёмаў даных, сацыяльна-культурнай дзейнасцю, зніжаны мінімальны парог па аб'ёме інвестыцый пры ўмове іх укладання ў трохгадовы тэрмін.
Таксама дакументам скарочаны тэрміны ажыццяўлення шэрага працэдур. Так, прыняцце рашэнняў аб прадастаўленні (адабранні) зямельнага ўчастка скарочана ў трохдзённы тэрмін (раней - 10 дзён), прыняцце аб'ектаў у эксплуатацыю павінна ажыццяўляцца не пазней за 30 дзён (раней тэрмін не ўстанаўліваўся), узгадненне адміністрацыяй парка пераліку тавараў (работ, паслуг), па якіх прадастаўляецца вылік сум ПДВ, - 5 рабочых дзён (раней - 15 каляндарных дзён), прыняцце рашэння аб выдачы спецыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасцю замежным грамадзянам - 5 каляндарных дзён (раней - 7 каляндарных дзён).
Рэзідэнты будуць вызвалены ад падатку на нерухомую маёмасць па аб'ектах у парку, зямельнага падатку па ўчастках у парку для рэзідэнтаў і сумеснай кіруючай кампаніі на ўвесь тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму, гэта значыць, да 14 чэрвеня 2062 года. Ад падатку на прыбытак адносна прыбытку рэзідэнтаў парка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), атрыманых на тэрыторыі парка, яны вызваляюцца на тэрмін 10 гадоў з першага падатковага перыяду, у якім у рэзідэнта ўзнік прыбытак ад рэалізацыі названых тавараў (работ, паслуг). Затым выплата падатку ажыццяўляецца па стаўцы, зменшанай на 50 працэнтаў ад дзеючай - да завяршэння тэрміну дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму. Такім чынам, формула падатковых "канікулаў" па карпаратыўных падатках у індустрыяльным парку будзе "10+" (раней была "10 + 10").