26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Меры падтрымкі на фоне каранавіруса COVID-19 могуць быць прыняты ў некалькі этапаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар у час пасяджэння Прэзідыума Саўміна, дзе абмяркоўваецца комплекс мер па забеспячэнні стабільнай работы эканомікі з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да нас паступаюць прапановы па падтрымцы штодзённа, і трэба прымаць рашэнні. Потым будзем аналізаваць наступныя меры, глядзець магчымасці далейшых крокаў", - адзначыў Юрый Чабатар.
Паводле яго слоў, пры падрыхтоўцы мер, якія разгледзяць сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, улічваўся вопыт Еўрапейскага саюза і краін ЕАЭС, прапановы бізнесу. "У прынцыпе, сфарміраваныя прапановы не новыя, яны рэалізуюцца ў многіх краінах у плане бюджэтна-падатковай палітыкі. Сёння абмяркуем у тым ліку магчымасць прадастаўлення падатковых канікул. У частцы грашова-крэдытнай палітыкі ўсе ставяць пытанне аб даступнасці крэдытаў - таксама абмяркуем гэтыя напрамкі. Будзе блок мер на спажывецкім рынку, меры па сумеснай рабоце краін ЕАЭС", - растлумачыў намеснік міністра. Абмяркоўваюцца ў тым ліку прапановы па карэкціроўцы арэнднай платы.
Падатковыя канікулы разглядаюцца для найбольш слабаабароненых галін. Магчыма зніжэнне маёмасных падаткаў і адтэрміноўка па іх выплаце. Юрый Чабатар звярнуў увагу, што ў большасці краін ужо вызначылася кола найбольш неабароненых галін: турызм, сфера грамадскага транспарту, перавозкі пасажыраў.
Пакуль у Мінэканомікі не агучваюць аб'ём сродкаў, які спатрэбіцца для антыкрызіснага плана.