13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінляндыя гатова павялічваць інвестыцыі ў развіццё беларускай эканомікі. Аб гэтым паведаміў сёння міністр знешняга гандлю і развіцця Фінляндыі Кай Мюкянен на сустрэчы з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Васілём Мацюшэўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы гатовы не толькі прадаваць свае тэхналогіі, але і інвесціраваць у развіццё беларускай эканомікі і стварэнне новых рабочых месц", - адзначыў Кай Мюкянен.
У Беларусі паспяхова працуе ўжо шэраг фінскіх кампаній. У іх ліку Kesko, якая ўкладвае сродкі ў развіццё сеткі гіпермаркетаў ОМА і, паводле інфармацыі Кая Мюкянена, гатова павялічваць інвестыцыі.
Міністр звярнуў увагу, што пазіцыя Беларусі ў міжнародным рэйтынгу Doing Business пастаянна паляпшаецца, і гэта з'яўляецца адным з ключавых фактараў, чаму фінляндскія кампаніі зацікаўлены ў выхадзе на беларускі рынак.
Сярод перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва Кай Мюкянен асобна абазначыў энергетыку. "Спадзяюся, па выніках сённяшняй сустрэчы мы зможам знайсці магчымасці для выгаднага ўзаемадзеяння", - дадаў ён.
Першы ў гісторыі беларуска-фінляндскіх адносін візіт у Беларусь міністра знешняга гандлю і развіцця Фінляндыі праходзіць 12-13 красавіка.