8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Расіі неабходна пры заключэнні кантрактаў рабіць прывязку не да долараў, а да нацыянальных валют, заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пры актыўным дэбатаванні пытанняў дэдаларызацыі ўзаемных разлікаў на практыцы захоўваецца прывязка цэн па заключаных на міждзяржаўным узроўні кантрактах да вядучай сусветнай валюты, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - У якасці важнага кроку ў напрамку дэдаларызацыі ўзаемных разлікаў нам бачыцца цалкам відавочным на ўзроўні ўрадаў і дзяржаўных кампаній перайсці да вызначэння кошту ў кантрактах у нацыянальных валютах".
Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу, што ўзросшая валацільнасць фінансавых рынкаў патрабуе больш каардынаваць грашова-крэдытныя палітыкі Беларусі і Расіі. "Размова ідзе аб фарміраванні сістэмы забеспячэння фінансавай стабілізацыі ў рамках нашай Саюзнай дзяржавы і інтэграцыйнага аб'яднання Еўразійскага эканамічнага саюза. Адзначу, што дагэтуль такое пытанне не атрымала належнага адлюстравання ў дагаворнай базе ЕАЭС", - падкрэсліў кіраўнік Савета Рэспублікі.
Яшчэ адзін важны момант, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, - гэта рэакцыя трансгранічнага капіталу на эканамічныя шокі. "Улічваючы маштабы эканомік Беларусі і Расіі, для нашай краіны вельмі адчувальным з'яўляецца адток расійскага капіталу. Тут можна звярнуцца да вопыту венскіх ініцыятыў, калі банкі з галаўнымі офісамі ў Заходняй Еўропе пагадзіліся застацца ў краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы і капіталізавалі свае даччыныя структуры і філіялы ў рэгіёнах Усходняй Еўропы", - сказаў ён.
Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў заключыць такое пагадненне на базе Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Гэта створыць перадумовы для фарміравання агульнага фінансавага рынку.