11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МАЗ плануе паставіць для Уладзівастока камунальныя машыны, аўтобусы і іншую тэхніку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Ва Уладзівастоку прайшла сустрэча мэра горада Канстанціна Шастакова і прадстаўнікоў Мінскага аўтамабільнага завода, ТАА "МАЗ-РУС", дылера ТАА "Далёкаўсходні Аўтацэнтр" і пры ўдзеле пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі. Кіраўніцтву горада былі прадстаўлены прапановы па пастаўцы новай тэхнікі для розных сфер гарадской гаспадаркі, новыя машыны і праекты па мадэрнізацыі выпускаемай тэхнікі і абсталявання.
"Супрацоўніцтва паміж Мінскім аўтамабільным заводам і далёкаўсходняй сталіцай наладжана. Напрыклад, у верасні мінулага года ва Уладзівасток былі пастаўлены школьныя аўтобусы, летам - новая камунальная тэхніка для муніцыпальнага прадпрыемства "Утрыманне гарадскіх тэрыторый", а колькасць адзінак грузавой тэхнікі ў 2023 годзе павялічана на 337,1 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года", - расказалі ў прэс-службе.
Як адзначаюць дарожнікі Уладзівастока, беларуская тэхніка вельмі добра паказала сябе ў рабоце.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў, што спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Прадукцыя адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5 і 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.