4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтазавод паставіў партыю самазвалаў у Алтайскі край. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Губернатар Алтайскага края Віктар Таменка перадаў 21 самазвал МАЗ дваццаці раёнам рэгіёна. "Машыны будуць выкарыстоўвацца для вырашэння мноства задач, у тым ліку для дастаўкі вугалю на кацельні і вывазу снегу ў зімовы перыяд", - расказалі ў прэс-службе.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Прадукцыя адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5 і 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.