15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МАЗ і прадстаўнікі Чада абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Мінскі аўтамабільны завод наведала дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Чад у Расіі і ў Беларусі па сумяшчальніцтве Адамам Бешырам Махамудам.
Беларусь і Чад зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных праектаў у розных сферах эканомікі. У прыватнасці, у набыцці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. У час цяперашняга візіту прадстаўнікі афрыканскай дзяржавы змаглі азнаёміцца з вытворчасцю і мадэлямі аўтамабільнай тэхнікі Мінскага аўтазавода і абмеркаваць перспектывы далейшага плённага супрацоўніцтва.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, што спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5 і 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.