15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Малочны шакалад "Прэзідэнт" удастоены залатога медаля на буйнейшай міжнароднай выстаўцы "Прадэкспа" ў Маскве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу СААТ "Камунарка" Таццяна Пармон.
Прафесійнае журы конкурсу па заслугах ацаніла прадукцыю, прадстаўленую на выстаўцы. Залатым медалём узнагароджаны шакалад "Прэзідэнт" малочны, шакалад з чарнічным пюрэ "Белавежская пушча" і падарачны набор цукерак "Бельгійскі труфель".
Як адзначыла Таццяна Пармон, гэта даволі складаны конкурс, у ім прымаюць удзел прадпрыемствы з розных галін. У гэтым годзе паўдзельнічалі больш за 2 тыс. кампаній з больш як 50 краін. І кожная кампанія стараецца прывезці на конкурс лепшыя ўзоры прадукцыі.
"Для нас гэта вельмі важная, значная ўзнагарода з улікам таго, што быў строгі адбор сярод кандытараў. Атрыманне залатога медаля - ацэнка нашай працы, ацэнка якасці нашай прадукцыі, якая адлюстроўвае давер да нашых кандытарскіх вырабаў, нашага брэнда", - сказала Таццяна Пармон.