19 красавіка, Кішынёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Малочнатаварны комплекс на аснове беларускіх тэхналогій пабудуюць побач з Кішынёвам. Аб гэтым прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп паведаміў сёння журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў прэм'ера, наведваючы раней з візітам Беларусь, ён паспеў азнаёміцца з работай сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, пабываць на сучасных малочнатаварных комплексах.
"Мы дамовіліся на ўзроўні ўрадаў і міністэрстваў сельскай гаспадаркі стварыць такі комплекс недалёка ад Кішынёва ў вёсцы Максімаўка", - сказаў Павел Філіп.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што гэта будзе ўзорна-паказальны праект і стане добрым прыкладам сумеснага супрацоўніцтва.