13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумарная электрычная магутнасць установак аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у Беларусі да 2025 года павялічыцца ў 1,5 раза і складзе 750 МВт. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі Сяргей Грэбень, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Устаноўленая магутнасць беларускай энергасістэмы, паводле даных на 1 верасня, складае 10170 МВт. "Што датычыцца ўстановак, працуючых з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, то гэты паказчык роўны 486,7 МВт. Іх доля - 4,8 працэнта (у 2019 годзе было 4 працэнты). За восем месяцаў бягучага года ўстаноўленая магутнасць установак АКЭ прырасла на 82,1 МВт. Выпрацоўка электраэнергіі ўзрасла да 3,5 працэнта ад агульнага аб'ёму вытворчасці ў Беларусі. А да 2025 года ўстаноўленая магутнасць установак, працуючых з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, ацэньваецца каля 750 МВт", - сказаў Сяргей Грэбень.
Паводле яго слоў, у кампетэнцыю Міністэрства энергетыкі ўваходзіць падключэнне ўстановак АКЭ да дзяржаўнай энергетычнай сістэмы, набыццё электраэнергіі ад гэтых установак па тарыфах у адпаведнасці з заканадаўствам. З удзелам Мінэнерга працуе камісія па размеркаванні квот.
У ліку аднаўляльных крыніц энергіі - сонца, вада, вецер і біягаз.