Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Чэр 2024

Лукашэнку прадставілі новыя ўзоры ваеннай формы

Лукашэнку прадставілі новыя ўзоры ваеннай формы

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад пасяджэннем Савета бяспекі ў Палацы Незалежнасці азнаёміўся з перспектыўнымі ўзорамі новых прадметаў формы адзення для ваеннаслужачых, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узоры новай формы былі падрыхтаваны Міністэрствам абароны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У ведамстве растлумачылі, што змяненні абумоўлены сусветнымі тэндэнцыямі, трансфармацыяй вучэбна-баявых задач, якія выконваюцца ваеннаслужачымі, а таксама неабходнасцю ўніфікацыі асобных прадметаў форменнага адзення для розных катэгорый ваеннаслужачых.

"Што новага? Чым не задавольвае тое адзенне, якое ёсць?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Прэзідэнту намеснік міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Андрэй Бурдыка, прапанаваныя змяненні дадуць магчымасць пашырыць функцыянальнасць ваеннай формы, забяспечыць зручнасць пры яе нашэнні з улікам спецыфікі задач, якія выконваюцца ваеннаслужачымі.

Некаторыя элементы адзення былі ўдасканалены канструктыўна, каб форма не скоўвала ваеннаслужачых пры выкананні пастаўленых задач. У баявым адзенні ўзмацнілі ахову каленных і локцевых суставаў.

Усе новаўвядзенні - пералік і назва прадметаў ваеннага адзення, іх колеравая гама - замацаваны ў праекце ўказа Прэзідэнта. Да выпуску плануецца тактычная кашуля, флісавая куртка, кашнэ летняе і зімовае для баявой формы адзення. Футравыя каўняры ў зімовых куртках заменяць на тэкстыльныя, а кант на форме ўнутраных войскаў МУС будзе выконвацца ў крапавым колеры - гэта даніна традыцыям.

"Тактычная кашуля - гэта абсалютна новы для нашых Узброеных сіл элемент. Ён вельмі зручны пры выкарыстанні бронекамізэлькі, разгрузачных паясоў. Нават пры значных фізічных нагрузках ваеннаслужачы адчувае сябе даволі камфортна", - растлумачыў журналістам начальнік рэчавага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Кавалёў.

Для жанчын у дапаўненне да штодзённай формы вырашана пашыць сукенкі. Вобраз дапоўняць капялюш і гальштук-бант. Восенню жанчынам стануць выдаваць дэмісезонныя чаравікі. У курсантаў з'явіцца так званы офісны камплект з курткі і штаноў (цяперашняя штодзённая форма з кіцелем будзе апранацца на ўрачыстыя мерапрыемствы), на лета ім, як і салдатам, будуць выдаваць футболкі пола.

У ваенным ведамстве лічаць, што таксама неабходна перагледзець форму сувораўцаў: існуючая зацверджана ў 1996 годзе. Яна будзе падобная да формы курсантаў, але выканана ў прывычных цёмных адценнях. Змяненні будуць замацаваны ў асобным указе.

"Цана пытання?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

"Цана пытання застаецца ранейшай за кошт павелічэння тэрмінаў нашэння, замены іншых прадметаў адзення", - сказаў Андрэй Бурдыка.

Ён дадаў, што распрацаваныя мадэлі былі перададзены ў войскі для пробнага нашэння. Пры вытворчасці формы ўлічваліся пажаданні і прапановы ваеннаслужачых.

"Вас задавольвае - добра. Грошай лішніх не прaсіце. Так таму і быць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, калі ўзнікае неабходнасць удасканаліць форму, не трэба чакаць некалькіх гадоў. Гэтыя пытанні павінны вырашацца аператыўна, падкрэсліў ён.

Чакаецца, што новая форма стане паступаць у войскі ў трэцім-чацвёртым квартале гэтага года - пасля прыняцця неабходных нарматыўных прававых актаў і ўнутрыведамасных дакументаў.

Што важна, уся форма выраблена на беларускіх прадпрыемствах і з айчынных тканін. У вытворчасці ўдзельнічалі флагманы тэкстыльнай прамысловасці - магілёўскі "Магатэкс" і мінскі "Камволь". Усяго ж у работу было ўключана каля 10 прадпрыемстваў швейнай галіны.

"98 працэнтаў тканін, якія выкарыстоўваюцца для вырабу адзення, - гэта тканіны беларускай вытворчасці, і гэта радуе", - адзначыла старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.

Паводле яе слоў, пры вытворчасці новых узораў формы асаблівая ўвага была ўдзелена ахоўным уласцівасцям адзення і яго зносастойкасці.

"Адметнай рысай гэтай калекцыі з'яўляецца і тое, што мы падумалі пра нашых дзяўчат, пра нясенне службы хлопцамі ў летні перыяд. Таму ў спісе абмундзіравання з'явілася летняе адзенне ў выглядзе сукенак, кашуль пола. А ў куртках, напрыклад, дабавіўся капюшон. Хочацца, каб нашы ваеннаслужачыя розных відаў войскаў адчувалі сябе зручна ў любую пару года і ў штодзённай форме, і ў парадным адзенні", - расказала Таццяна Лугіна.

Міністр абароны Віктар Хрэнін у сваю чаргу заявіў, што да змянення формы адзення ваеннае ведамства ставіцца як да ўдасканалення ўзбраення і тэхнікі: гэта работа павінна праводзіцца пастаянна і зыходзячы з сучасных рэалій. Што і падкрэсліў галоўнакамандуючы.

"Сучасныя рэаліі такія, што мы бачым змененыя формы вядзення баявых дзеянняў. З'яўляюцца новыя матэрыялы, новыя падыходы. Мы пастаянна ацэньваем вопыт і іншых краін па нашэнні формы адзення, яе абароненасці, стойкасці, эстэтычнасці. Таму кіраўніку дзяржавы было прапанавана ўнесці змяненні, дабавіць некаторыя элементы. У цэлым уся лінейка формы адзення, якая была зацверджана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2020 годзе, засталася ў аснове", - адзначыў Віктар Хрэнін.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі