19 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрашае прадпрымальнікаў Сербіі да рэалізацыі праектаў у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанц, і ім трэба скарыстацца, перш за ўсё прадпрымальнікам Сербіі. "Мы разумеем, у якой сітуацыі знаходзіцца Сербія. Яна аказалася ў цісках дзяржаў, якія бачаць у Сербіі толькі ўласны інтарэс або ў асноўным бачаць уласны інтарэс, але слаба глядзяць на інтарэсы Сербіі. І, вядома, Сербіі трэба праяўляць сёння максімум дыпламатыі і гібкасці, каб выжываць у гэтай сітуацыі", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў. "Прыходзьце, давайце будзем развіваць тут тое, што цікавіць Сербію. Давайце мы будзем тое, што вам цікава, ствараць разам з вамі на вашай тэрыторыі і гандляваць з іншымі дзяржавамі. Але нельга траціць час, таму што ўпушчанае будзе вельмі складана навярстаць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Я хачу, каб сербскі народ, прадпрымальнікі Сербіі разумелі: мы як былі сябрамі для вас, такімі і застаёмся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі Балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цвёрдыя намеры па развіцці двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, праведзены ўжо шэраг сумесных даследаванняў, вучоныя сумесна рэалізуюць праекты ў сферы эксперыментальнай батанікі, фізікі, інфарматыкі, у іншых галінах. "Задача, якая стаіць на парадку дня, - не проста забяспечыць фінансаванне навуковых распрацовак, але і дабіцца ўкаранення атрыманых вынікаў у вытворчасць, наблізіць навуку да жыцця, надаць ёй прыкладны характар", - лічыць беларускі лідар.