22 верасня, Салігорск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў стварыць селекцыйна-генетычны цэнтр у птушкагадоўлі. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці жывёлагадоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ключавая задача ў птушкагадоўлі - знізіць залежнасць галіны ад імпарту, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Да гэтага часу няма альтэрнатывы імпарту куранят для вытворчасці інкубацыйнага яйка.
"10 ці 5 гадоў вы мне расказваеце пра гэтых куранят і пра яйка. Няўжо мы не можам у сябе гэта вырабляць? Неабходна забяспечыць сябе ўласнай племянной прадукцыяй. Стварыце селекцыйна-генетычны цэнтр, як гэта ёсць у жывёлаводаў. Паўгода на распрацоўку бізнес-плана, і ў наступным годзе гэта трэба зрабіць, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Давайце збяром гэтыя капейкі і пабудуем гэты цэнтр. Урэшце і птушкафабрыкі ў нас не бедныя".