31 жніўня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён запатрабаваў актыўней весці работу па пошуку новых рынкаў збыту айчыннага цукру, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Знаёмячыся з інфармацыяй аб ходзе палявых работ у краіне і ў сталічным рэгіёне, Прэзідэнт пацікавіўся, якім будзе ўраджай буракоў і якая сітуацыя на рынках збыту цукру. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ўборка буракоў яшчэ толькі пачынаецца, але ўжо можна гаварыць аб тым, што іх цукрыстасць будзе вышэйшай за ўзровень мінулага года. Аднак на традыцыйных рынках збыту назіраецца лішак цукру. У прыватнасці, у Расіі назбіраліся значныя лішкі, таму яна дэмпінгуе, прапануючы цану прыкладна на 50 капеек за кілаграм ніжэйшую, чым у Беларусі.
"Вы мне не пакутуйце. Ваша справа - прадаць тое, што вырасцілі вяскоўцы, - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. - Расія не адзіная ў свеце. Ужо цяпер трэба варушыцца. Не толькі і не столькі ў полі, а шукаць рынкі рэалізацыі. Яны (сельгасарганізацыі. - Заўвага БЕЛТА) убяруць, нарыхтуюць, а нам трэба дапамагчы ім прадаць".
"Думайце, дзе вы будзеце прадаваць цукар, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніцтва Мінсельгасхарча і губернатара Мінскай вобласці. - Зніжаць вытворчасць ні ў якім разе нельга. Пажадана захаваць узровень даходнасці хаця б мінулага года".