17 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. З 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі будуць працаваць у аднолькавых умовах. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Больш адтэрміноўкі не будзе! І так робім вельмі вялікія адступленні", - сказаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе гандаль індывідуальных прадпрымальнікаў без сертыфікатаў, якія пацвярджаюць якасць тавараў.
"Трэба ісці да цывілізаванай формы гандлю, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта ненармальна, калі мы без дакументаў сумкамі возім тавар. Гэта нават нас прыніжае".
"Без дакументаў у Беларусі ніхто працаваць не будзе! Усё роўна некалі трэба пераходзіць да гэтай цывілізацыі. Тым больш з маімі жорсткімі падыходамі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, усе прадпрымальнікі ў краіне павінны працаваць у аднолькавых умовах. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў індывідуальным прадпрымальнікам аб'яднацца і разам падумаць над тым, як яны маюць намер працаваць з будучага года ў такіх умовах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў выпадку неабходнасці ім будзе аказана дапамога, у тым ліку крэдытнымі сродкамі Сусветнага банка, Банка развіцця.