17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля заканчэння крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса, важна ўлавіць момант ажыўлення сусветнай вытворчасці і правільна выкарыстаць кан'юнктуру, што склалася. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб актуальных пытаннях знешняй палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пандэмія ўжо нанесла значны ўрон сусветнай эканоміцы. "Аднак трэба разумець, што пасля крызісу, так было заўсёды, настае ўздым. Таму трэба дакладна ўлавіць момант ажыўлення сусветнай вытворчасці і правільна выкарыстаць кан'юнктуру, што склалася", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што курс на падтрыманне рознабаковых міжнародных кантактаў застаецца нязменным. "Мы павінны размаўляць з усімі, хто хоча з намі размаўляць і нас паважае. Залогам нашай эканамічнай бяспекі з'яўляецца захаванне традыцыйных і асваенне новых рынкаў. Нам неабходна добра разумець, ці маюць патрэбу ў карэкціроўцы падыходы па дыверсіфікацыі экспарту, з якімі мы ўжо вызначыліся", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб неабходнасці з найбольшай выгадай для краіны распарадзіцца тым добрым ураджаем, які атрыманы ў гэтым годзе, а таксама пацікавіўся станам спраў у іншых галінах і прагнозам знешнеэканамічнай дзейнасці ў цэлым.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што менавіта знешнеэканамічная дзейнасць уваходзіць у лік прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства замежных спраў. "Галоўнае для дыпламата за межамі нашай краіны - пасла і пасольства - заключаецца ў тым, каб пашыраць нашы тавары на ўсіх рынках. Экспарт - галоўнае для работы дыпламатычнага корпуса, - зрабіў акцэнт Прэзідэнт. - Знешнеэканамічныя сувязі плюс іншыя дыпламатычныя працэдуры і дзеянні - гэта сутнасць дзейнасці Міністэрства замежных спраў. Таму, Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА), вам і карты ў рукі, спаганяйце з міністэрства найперш за эканамічны складнік іх дзейнасці".