29 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на падтрымку Кітая ў дыверсіфікацыі экспарту. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 29 студзеня ў час адкрытага дыялогу з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кітай - краіна, з якой мы падтрымліваем такія добрыя і цёплыя адносіны, - сказаў Прэзідэнт. - Кітай ніколі нам не здраджваў, вы заўсёды падтрымлівалі Беларусь, калі абяцалі, на міжнародных пляцоўках, у міжнародных арганізацыях, па тых ці іншых пытаннях, па якіх мы да вас звярталіся за падтрымкай. Вы заўсёды нам давалі гэту падтрымку. Гэта дарагога каштуе, і мы адказвалі кітайскаму боку тым жа. Напэўна, цяжка нешта да гэтага дабавіць. Дай бог, каб у нас і ў далейшым так развіваліся гэтыя пазіцыі і адносіны".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў беларускага боку ёсць пэўныя просьбы да кітайскага кіраўніцтва і ўрада. "Мы ў бліжэйшы час давядзём іх да ведама. Увогуле скажу - мы вельмі разлічваем на кітайскі бок у плане дыверсіфікацыі нашага экспарту. Мы хацелі б прадаваць у Кітай больш таго, што ён купляе ў заходніх або іншых дзяржаў. У Кітая гэта сотні мільярдаў долараў. Але калі б мы выйшлі на продажы беларускіх тавараў прыкладна пяць мільярдаў - гэта было б вельмі добра. І мы ў гэтым напрамку з Кітаем вядзём прамы дыялог", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна дыверсіфікацыя экспарту. Таму пастаўлена задача міністру замежных спраў, ураду разгледзець такую магчымасць і папрасіць Кітай, каб пры роўнай цане, роўнай якасці прадукцыі, якую ён усё роўна імпартуе, купляць беларускую прадукцыю. "Вось гэту праблему мы хочам вырашыць з нашымі кітайскімі сябрамі. У іншым у нас праблем няма", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.