8 чэрвеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Агульнымі намаганнямі Беларусь і Расія могуць і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне. Аб гэтым 8 чэрвеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт упэўнены ў неабходнасці ствараць умовы для пашырэння супрацоўніцтва вучоных і канструктараў Саюзнай дзяржавы. "Свой важкі ўклад у яго арганізацыю могуць унесці расійскія рэгіёны, якія маюць буйныя навуковыя і прамысловыя цэнтры, моцныя вышэйшыя школы. Агульнымі намаганнямі мы можам і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння выйграюць тыя краіны, якія могуць імкліва асвойваць найноўшыя тэхналогіі. "Таму важнае месца ў тэматыцы форуму адведзена навуковаму і навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, фарміраванню агульнай адукацыйнай прасторы. Гэтыя неад'емныя складнікі шматграннага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі маюць доўгатэрміновы перспектыўны характар", - сказаў кіраўнік дзяржавы.