11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе вывесці паказчыкі завода "Атлант" на дастойны ўзровень. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым кіраўніком прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На пасаду генеральнага дырэктара "Атланта" Прэзідэнтам быў узгоднены намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык.
"На "Атланце" справы няважныя, так я разумею?" - спытаў у яго Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Дзмітрый Харытончык, сёння на фоне ўздыму ў 2021-2022 гадах ёсць пэўны спад, што абумоўлена змяненнем кан'юнктуры на рынках.
"Вы мне, Дзмітрый, шчыра скажыце, вы самі вырашылі туды ісці ці вас проста выпіхваюць на гэту пасаду?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Ні ў якім разе. Я пачынаў з завода (больш за 12 гадоў адпрацаваў на БЕЛАЗе ў свой час), таму гэта абсалютна свядомы выбар", - заявіў Дзмітрый Харытончык.
"Я буду толькі рады, таму што я, калі прыязджаю сюды, выязджаю адсюль, гляджу на "Атлант", і разумею ж, што там праблемы ёсць. І людзі незадаволены некаторыя. Таму нам трэба гэта прадпрыемства зрабіць сапраўдным прадпрыемствам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нядрэнныя ж халадзільнікі, пральныя машыны нядрэнныя. Трэба гэта раскруціць, каб гэта прадавалася і куплялі нашы людзі".
Паводле слоў Дзмітрыя Харытончыка, на тэхніку "Атланта" сапраўды практычна няма ніякіх нараканняў. "Вядома, трэба сур'ёзна папрацаваць і над зніжэннем цаны, над сабекоштам. Ва ўмовах канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма", - дадаў ён.
Дзмітрый Харытончык пасля прыняцця кадравых рашэнняў у Прэзідэнта ў інтэрв'ю журналістам выказаў сваю ацэнку стану спраў на прадпрыемстве: "На сённяшні дзень на самай справе сітуацыя пакуль застаецца даволі праблемнай, складана па рэалізацыі. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што пасля двух гадоў росту аб'ёмаў вытворчасці і экспарту ў мінулым годзе мы ўсе адзначалі вельмі агрэсіўны ўваход (шмат новых брэндаў, а таксама больш таннай тэхнікі) з усходніх краін на наш сумесны рынак з Расійскай Федэрацыяй. Вядома ж, гэта не магло не паўплываць на аб'ёмы рэалізацыі".
Паводле слоў новага гендырэктара, прадпрыемствам у гэтых умовах прыняты пэўныя меры. Гэта, напрыклад, вывад на рынак запатрабаваных на сённяшні дзень відаў прадукцыі. У першую чаргу гэта халадзільнікі і маразільнікі з сістэмай No Frost. Таксама неабходна сур'ёзным чынам папрацаваць над павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці пральных машын, паколькі гэта тэхніка "Атланта" цяпер карыстаецца попытам.
"Самае асноўнае ў гэтай сітуацыі - прадоўжыць сур'ёзную работу па зніжэнні затрат на вытворчасці. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма. У першую чаргу глядзець на ўдасканаленне канструкцыі, тэхналагічных працэсаў. Трэба прапанаваць прадукт, які сапраўды патрэбны пакупніку і які будзе канкурэнтны", - падкрэсліў Дзмітрый Харытончык.