20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Задачай нумар адзін для беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой застаецца знешні гандаль. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт спытаў, наколькі супараўнальныя сродкі, якія расходуюцца на ўтрыманне сістэмы органаў дыпламатычнай службы, з рэальнымі вынікамі іх дзейнасці, галоўным чынам па абароне нацыянальных інтарэсаў.
"Як і раней, для нас задачай нумар адзін застаецца знешні гандаль. Мы невялікая, адкрытая краіна з экспартна арыентаванай эканомікай. Без экспарту мы не выжывем. Няхай вас не палохаюць заходнія так званыя сектаральныя санкцыі. На нашы тавары заўсёды ёсць попыт. Трэба толькі прыкласці крыху больш намаганняў. Прададзім сваю прадукцыю - вырашым пытанне з санкцыямі. Мы сваёй работай павінны зрабіць іх неэфектыўнымі, непрыкметнымі для грамадзян, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны і на гэтым полі, як на вуліцы ў жніўні-верасні, паставіць усіх на месца, хто скоса глядзіць на нашу краіну і бярэцца за эканамічную зброю".
Таму пытанне знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС, а дакладней экспарту беларускай прадукцыі, - прыярытэт з прыярытэтаў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Тым больш, дадаў Прэзідэнт, бізнес за мяжой ужо на ўсю моц заклікае сваіх палітыкаў не прымяняць санкцыі да беларускай сыравіны, паліва, угнаенняў, прадуктаў харчавання, драўніны, паўфабрыкатаў. "Там добра разумеюць, што ў выніку абмежаванні ўдараць і па іх канечнай прадукцыі, і па спажыўцах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.