5 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Эканамічнае развіццё Беларусі будзе грунтавацца на прыцягненні інвестыцый, дзелавой ініцыятыве, знешнім гандлі, змяненні сітуацыі ў дэмаграфіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сярэднетэрміновае эканамічнае развіццё нашай краіны будзе грунтавацца на чатырох апорах: стварэнне найлепшых умоў для прыцягнення інвестыцый у нашу эканоміку (праўда, я ўжо не ведаю, што можна зрабіць лепш); павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт стымулявання дзелавой актыўнасці, пашырэнне знешняга гандлю праз асваенне новых экспартных рынкаў (тут мы значна недапрацоўваем; відаць, як у першыя гады, мне давядзецца ў аснову ўсёй палітыкі пакласці экспарт: будзе экспарт - будзе краіна), кардынальнае змяненне сітуацыі ў дэмаграфіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Нягледзячы на тое, што гэта ў асноўным задачы ўрада, яны датычацца непасрэдна і дэпутатаў, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Гэтыя чатыры напрамкі - аснова для рэалізацыі вашых персанальных перадвыбарных абяцанняў выбаршчыкам, жыхарам рэгіёнаў, якія вы прадстаўляеце. Нам неабходна сфарміраваць эфектыўную рэгіянальную палітыку і ўзмацніць ролю органаў мясцовага кіравання, самакіравання ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Гэта патрабаванне часу, і гэта работа парламентарыяў", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што чакае ад дэпутатаў і сенатараў прапаноў, што і як трэба змяніць на месцах.