2 чэрвеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Пскоўскай вобласці можа спатрэбіцца вопыт Беларусі ў ільнаводстве і меліярацыі зямель. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Пскоўскай вобласці Андрэем Турчаком, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і Пскоўскай вобласці існуюць значныя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў агракомплексе. "Той вопыт, які мы збіралі па крупінках, мадэрнізуючы сельскую гаспадарку, думаю, ён вам спатрэбіцца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Памылак тут быць не павінна. Лішніх грошай ні ў кога няма, а памылка - гэта лішнія траты грашовых сродкаў".
Так, Беларусь на аснове свайго вопыту гатова супрацоўнічаць з Пскоўскай вобласцю ў вырошчванні і перапрацоўцы лёну. "У савецкія часы Беларусь, гэтак жа як і Пскоўская вобласць, былі апорай вытворчасці такой прадукцыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу, што ў Пскоўскай вобласці шырока займаюцца меліярацыяй зямель, а Беларусь ужо каторы год праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы, затрачвае на гэта немалыя сродкі. У будучым Беларусь будзе толькі ўзмацняць гэты напрамак. Пад яго створана шмат тэхнікі. Набыты пэўны вопыт, якім беларускі бок таксама гатовы падзяліцца.
У Пскоўскай вобласці карыстаюцца беларускімі аўтобусамі і, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, Беларусь гатова супрацоўнічаць з расійскім рэгіёнам у гэтым плане. Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў таксама камунальную тэхніку. Шмат яе відаў па даручэнні Прэзідэнта было створана на базе МТЗ. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Пскоўскай вобласці актыўна ідзе мадэрнізацыя, у тым ліку прамысловасці. "Калі вам спатрэбіцца наша станочнае абсталяванне для мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, мы таксама гатовы ў гэтым плане разам з вамі працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Пскоўская вобласць - блізкі сусед Беларусі. "Вы самыя блізкія і родныя нам людзі - у былыя часы і цяпер, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы не толькі суседзі, але і вельмі блізкія і падобныя па менталітэце людзі".
Губернатар Пскоўскай вобласці згадзіўся з тым, што на Беларусь і Пскоўскую вобласць, як на бліжэйшых суседзяў, не распаўсюджваюцца звязаныя з граніцамі ўмоўнасці. "Глыбіннае пранікненне і гуманітарных, і эканамічных кантактаў маюць глыбокія гістарычныя карані", - лічыць Андрэй Турчак. Разам з тым, на яго думку, сёння настаў момант пашыраць і паглыбляць эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Пскоўскай вобласцю.