13 сакавіка, Тэгеран /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Іран маглі б разам ствараць сумесныя высокатэхналагічныя вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Тэгеране ў час сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Махберам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадар віцэ-прэзідэнт, вы ведаеце, што мы правялі вельмі плённыя перагаворы з кіраўніком дзяржавы - Прэзідэнтам Ірана. Адназначна канстатавалі, што асновай любых адносін і ўзаемаразумення з'яўляецца эканоміка. А ў эканоміцы галоўны вы. Таму рэалізацыя нашых дамоўленасцей будзе ў асноўным залежаць ад урада Ірана, які вы ўзначальваеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што разам з Прэзідэнтам Ірана пасля перагавораў наведаў выстаўку вядучых медыцынскіх і навукова-інавацыйных вытворцаў.
"Я паглядзеў некаторыя ўзоры, тое, што вы ствараеце. Вы мяне ўражваеце. Вы робіце вельмі высокатэхналагічнае абсталяванне, у якім мае патрэбу ўвесь свет. Вазьміце турбіны, розныя інфармацыйна-камунікацыйныя рэчы, лякарствы самыя сучасныя, па цане даступныя. Гэта дарагога варта. Мы гатовы па ўсіх гэтых напрамках з вамі супрацоўнічаць. Калі ў вас ёсць інтарэс, давайце будзем ствараць сумесныя прадпрыемствы ў Беларусі і гандляваць па ўсім свеце", - прапанаваў Прэзідэнт.
"Словам, у выніку гэтых паспяховых перагавораў мы вам падкінулі значны аб'ём работы. Да вас просьба адна (з нашага боку затрымкі не будзе) - каб мы абавязкова рэалізавалі на працягу гэтага года ўсе нашы дамоўленасці. І тады мы вельмі спакойна можам дабавіць больш як 100 мільёнаў долараў у тавараабароце", - заявіў беларускі лідар.