3 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Індыі арганізацыю сумеснай вытворчасці тэхнікі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам Мукерджы ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандру Лукашэнку бачыцца перспектыўнай арганізацыя сумесных вытворчасцей аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. "Упэўнены, што вырабленыя ў Індыі машыны і абсталяванне будуць карыстацца попытам і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Такім чынам, мы ў гэтыя краіны зможам выйсці ўжо з сумеснай беларуска-індыйскай прадукцыяй", - падкрэсліў беларускі лідар. Пры гэтым, на яго думку, важна наладзіць не толькі абмен тэхналогіямі, але і ўзаемна развіваць тавараправодныя сеткі для выхаду на новыя рынкі.
Не менш перспектыўным, на думку кіраўніка беларускай дзяржавы, з'яўляецца і ўзаемадзеянне ў галіне трактарабудавання. Беларускія трактары вядомыя ў Індыі з савецкіх часоў. "Сёння, відаць, эканамічна мэтазгодна пачаць арганізацыю ў Індыі сумеснай вытворчасці тэхнікі пад брэндам "Беларус". Гэты праект адпавядае духу праграмы "Рабі ў Індыі", якая рэалізуецца вашым урадам. З улікам індыйскай праграмы "Развіццё прафесійных навыкаў" мы маглі б аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі, патрэбнай для вашай эканомікі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Для гэтага ён прапанаваў абмеркаваць пытанне стварэння з беларускім удзелам тэхнічных навучальных цэнтраў у Індыі.
У пытанні сумеснага прасоўвання беларускіх і індыйскіх тавараў Аляксандр Лукашэнка лічыць важным таксама ўмацаванне сувязей паміж банкамі і фінансавымі арганізацыямі дзвюх краін.
"Мы цесна ўзаемадзейнічаем з індыйскімі кампаніямі па рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў электраэнергетыкі Беларусі. Паглыбленне кааперацыі ў гэтай сферы, як і ў ажыццяўленні іншых інфраструктурных праектаў, будзе выгаднае дзвюм краінам", - перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.