18 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым прапанаваў прыцягнуць "Беларуснафту" для работы ў нафтавай галіне Татарстана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў беларускага лідара, супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана ў нафтагазавай сферы з'яўляецца важным напрамкам. "Я вельмі прасіў бы вас - у нас ёсць добрая кампанія "Беларуснафта", але аб'ёмы здабычы ў нас падаючыя. У свой час нафту выпампавалі і вывезлі з Беларусі. Таму мы хацелі б, каб наша кампанія знайшла ў вас аб'ём работ. Паверце, гэта будзе значна танней за любыя кампаніі. Каб на субпадрадах або яшчэ неяк "Беларуснафта" працавала з вамі. Думаю, улічваючы нашы вельмі добрыя адносіны, вы знойдзеце выгадны кавалак работы для гэтай кампаніі і абавязкова з выгадай для сябе", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Беларуснафта" мае добры вопыт работы ў іншых краінах свету.
Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў аб супрацоўніцтве з кампаніяй "Татнафта", якая адкрыла ў Беларусі сетку заправачных станцый. "Патэнцыял у нас значна большы. Мы можам дамовіцца аб больш шырокім уключэнні вашай кампаніі ў супрацоўніцтва і рэалізацыю вашых праектаў тут у Беларусі. Гэта датычыцца і перапрацоўкі нафты, і продажу нафтапрадуктаў, і работы за межамі Беларусі, - заявіў Прэзідэнт. - Хацелася б, каб вы непасрэдна мне акрэслілі інтарэс вашай кампаніі. Канкурэнцыя цяпер вельмі высокая. І я баюся, што тут могуць быць нейкія непаразуменні. І не дай бог яшчэ нехта кагосьці лабіруе на шкоду разважлівасці і справядлівасці".
"У нас два нафтаперапрацоўчыя заводы. Калі ў вас ёсць інтарэс да работы з гэтымі прадпрыемствамі і пастаўкі нафтапрадуктаў на знешнія рынкі, мы можам дамовіцца на прымальных умовах", - дадаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Рустам Мініханаў падзякаваў за падтрымку ў рэалізацыі праектаў "Татнафты" ў Беларусі. "Мы гатовы яшчэ пабудаваць чатыры сучасныя станцыі, - сказаў ён. - "Татнафта" працуе, пастаўляе нафту. Але сёння мы павінны ўжо глядзець у бок больш глыбокай інтэграцыі. Магчыма, нейкія нафтахімічныя праекты".
"Нам цікава развіццё нафтахімічнага блока. Тым больш, у "Татнафты" ёсць шынная вытворчасць. Мы атрымліваем кампаненты для шын з Беларусі. Тут нам патрэбна больш глыбокая ўзаемавыгадная інтэграцыя. Мы шмат чулі, што вашы нафтавікі - прафесіяналы і маюць канкурэнтную цану па аказанні сэрвісаў. Такое даручэнне мы дадзім і будзем прыцягваць беларускіх калег на сэрвісныя працэдуры", - заявіў Прэзідэнт Татарстана.