15 чэрвеня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Да мадэрнізацыі Аршанскага мясакансервавага камбіната неабходна падыходзіць разумна і па-гаспадарску. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання камбіната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будзе наладжаны рабочы працэс у новым цэху і што будзе са старымі вытворчымі і гаспадарчымі будынкамі. Як далажылі Прэзідэнту, іх збіраюцца зносіць, частку тэрыторыі перададуць гораду.
"Трэба разумна падысці. Перш за ўсё падумаць, патрэбна вам гэта тэрыторыя будзе ў перспектыве або не, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Зрабіць тут, як ты гаворыш, цукерку трэба. Цэх дзіцячага харчавання, як мне дакладвалі, добры. Пакінем моцныя памяшканні, выставім абсталяванне, калі трэба, - і выкарыстоўваць. Трэба падысці па-гаспадарску, разумна".
Што датычыцца новага цэха, то гэта, як расказалі Прэзідэнту, будзе не проста частка вытворчасці. Па сутнасці, пад яго дахам змесцяцца два мясакамбінаты. Паводле слоў выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара камбіната Максіма Бакурава, гэта адзіны такі праект у краіне. Прадукцыйнасць новага цэха будзе ў два разы вышэйшая за цяперашнія магутнасці. На вытворчасці прадугледжана ўсё да дробязей, каб у выніку прадукцыя задавальняла любога заказчыка.
Прэзідэнт пацікавіўся наяўнасцю сыравіны для поўнай загрузкі новых цэхаў. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што работа па нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці ў сыравінных зонах пачалася загадзя, каб да канца 2022 года забяспечыць 75-80 працэнтаў сыравіны для камбіната з яго ўласнай сыравіннай зоны.
Асобна Прэзідэнт спытаў пра рэалізацыю прадукцыі мясакансервавага камбіната. Як расказаў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Максім Бакураў, прадпрыемства цалкам закрывае патрэбнасці Беларусі ў дзіцячых кансервах. Аднак па цане і якасці цяжка канкурыраваць з прадукцыяй, напрыклад, расійскіх вытворцаў. Значна палепшыць сітуацыю дапаможа будаўніцтва і ўвядзенне ў строй сучасных цэхаў забою і перапрацоўкі свіней і буйной рагатай жывёлы, перакананы выконваючы абавязкі гендырэктара.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з будуемымі аб'ектамі на прадпрыемстве, наведаў цэх вытворчасці кансерваў для дзіцячага харчавання і склад гатовай прадукцыі. Тут зноў была закранута тэма рэалізацыі прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната, у прыватнасці, наконт складанасцей работы з некаторымі гандлёвымі сеткамі, якія патрабуюць сабе працэнт за арганізацыю рознічнага гандлю. Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца ў сітуацыі і ўстараніць усе складанасці.