31 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе разабрацца з фарміраваннем рознічных цэн на плодаагароднінную прадукцыю. Такую задачу ён паставіў сёння ў час наведвання КУП "Мінская агароднінная фабрыка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што плодаагароднінная прадукцыя, трапляючы на прылаўкі гандлёвых сетак, становіцца ў два разы даражэйшая. "На гэтым ніхто не павінен нажывацца!" - сказаў Прэзідэнт. Ён даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і далажыць яму аб выніках.
"А то ж прыгажосць: памідоры, агуркі і іншае... А цана? Хто ў кішэню кладзе грошы за гэту прыгажосць?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў урад аб беспярэчным выкананні даручэння па абароне ўнутранага рынку. "Мы аддалі свае рынкі іспанцам, галандцам, якія нас квасяць на кожным кроку, а самі прабіваемся ў Афрыку і Кітай. Гэта нармальна? Не. Вырашайце!" - сказаў Прэзідэнт.