4 жніўня, Браслаўскі раён /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе нарошчваць аб'ёмы выпуску мяса-малочнай прадукцыі ў Віцебскай вобласці. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу сёння ў ходзе наведвання Браслаўскага філіяла ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час наведвання гэтага прадпрыемства Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб аднаўленні, мадэрнізацыі і вывадзе на эфектыўны ўзровень работы прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з дзейнасцю філіяла і тэхналагічным працэсам выпуску цвёрдых сыроў, а таксама з выстаўкай прадукцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.
Браслаўскі малочны завод быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1987 годзе. У 2003 годзе пераўтвораны ў філіял Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Яго дзейнасць арыентавана на перапрацоўку малака і вытворчасць сыроў.
Як праінфармавалі Прэзідэнта, на прадпрыемстве ў 2011-2013 гадах рэалізаваны інвестыцыйны праект па рэканструкцыі, накіраванай на павелічэнне вытворчых магутнасцей па перапрацоўцы малака. Пасля рэканструкцыі філіял аснашчаны лініямі па выпуску цвёрдых сыроў прадукцыйнасцю 10 т у суткі і мяккіх сыроў метадам сепарыравання прадукцыйнасцю 2 т у суткі. Унікальнасць тэхналогіі заключаецца ў тым, што ўвесь працэс вытворчасці сыру закрыты і аўтаматызаваны. Высокая якасць прадукцыі дасягаецца за кошт строгага кантролю па ўсім тэхналагічным ланцужку вытворчасці, пачынаючы ад прыёмкі малака і заканчваючы выспяваннем сыру.
Вынікам праведзенай мадэрнізацыі стала павелічэнне вытворчых магутнасцей філіяла і пашырэнне асартыменту сыроў расійскай і галандскай груп з 12 да 38. Цяпер гадавыя вытворчыя магутнасці па выпуску паўцвёрдых сыроў складаюць 3 тыс. т, па выпуску сметанкова-тварожных прадуктаў - 250 т, канцэнтраванай малочнай сыроваткі - 9 тыс. т.
Удзельная вага экспартных паставак у агульным аб'ёме рэалізацыі прадукцыі на прадпрыемстве складае амаль 90 працэнтаў.