21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці у кароткія тэрміны прапрацаваць у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза механізмы крэдытавання кааперацыйных вытворчасцей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, які праводзіцца ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Прэзідэнта, трэба пашыраць практыку сумеснага выкарыстання навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу саюза. Добры прыклад такога супрацоўніцтва - праект інтэграванай сістэмы ЕАЭС па вытворчасці і прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных прадуктаў і паслуг.
"Лічу неабходным сфарміраваць пералік сумесных маштабных і іміджавых высокатэхналагічных праектаў, якія могуць стаць сімваламі еўразійскай інтэграцыі. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выбудоўванню эфектыўнай сістэмы адбору і кіравання сумеснымі праектамі, а таксама іх навукова-даследчаму забеспячэнню", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што для вырашэння гэтай задачы неабходна ў кароткія тэрміны прапрацаваць механізмы крэдытавання кааперацыйных вытворчасцей.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што яшчэ прыкладна 10 гадоў таму, да падпісання Дагавора аб стварэнні ЕАЭС, у тым ліку першым Прэзідэнтам Казахстана прапаноўваліся такія іміджавыя праекты. "Мы згаджаліся з гэтым. Але да цяперашняга часу так і не вырашылі гэту праблему", - заўважыў Прэзідэнт.