31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
На 2016 год фарміраванне дзяржаўнага бюджэту праведзена з прафіцытам у памеры Br17 трлн 172,4 млрд. Даходы плануюцца ў памеры Br180 трлн 590,2 млрд з ростам да чаканага выканання бюджэту 2015 года на 9,6 працэнта. Расходы сфарміраваны ў памеры Br163 трлн 417,9 млрд (рост да чаканага выканання 2015 года - 6,9 працэнта).
Ключавымі мэтамі развіцця Беларусі ў 2016 годзе будуць з'яўляцца забеспячэнне росту і дыверсіфікацыі экспарту, стварэнне новых рабочых месц, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай уласнасці. Асноўныя крыніцы падатковых даходаў - падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.
Асноўнымі задачамі для сектара дзяржаўных фінансаў вызначаны падтрыманне фінансавай і сацыяльнай стабільнасці, забеспячэнне збалансаванага эканамічнага росту праз развіццё канкурэнтнай эканомікі.
У 2016 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце - фінансаванне адукацыі і аховы здароўя. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме Br2 трлн. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Падпісаны таксама іншыя законы бюджэтнага пакета на 2016 год, у тым ліку аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі, аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі.