27 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў поўнасцю перайсці на касметычныя сродкі айчыннай вытворчасці. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы ЗАТ "Вітэкс", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усю імпартную (прадукцыю. - Заўвага БЕЛТА) павыкідвайце і пастаўце, што мне патрэбна. Абяцаю, што ніколі (не буду карыстацца імпартнымі сродкамі. - Заўвага БЕЛТА). Нават калі нехта падорыць, я тады перадару. Сваё трэба выкарыстоўваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што замежная прадукцыя ў цэлым не лепшая за айчынную. "Усё яно прыкладна аднолькавае. Але гэта - з мясцовай сыравіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту падрабязна расказалі аб развіцці вытворчасці, прадэманстравалі шырокі спектр выпускаемай прадукцыі. Ён папрасіў перадаць кожнай з жанчын, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, які-небудзь з прадстаўленых узораў прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сувеніры аплаціць з уласных сродкаў.
У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнт у цэлым даручыў максімальна садзейнічаць продажам айчыннай касметычнай прадукцыі як за мяжу, так і не забываць аб патэнцыяльных нішах на ўнутраным рынку. Напрыклад, шырэй выкарыстоўваць яе ў гасцінічнай сферы, каб адпаведная прадукцыя была больш прадстаўлена ў рознічным продажы. "Ёсць праблемы. Вазьміце на кантроль і займіцеся гэтым. Каб у любым магазіне, дзе ён захоча, прадавалі. Сваё трэба прадаваць. У яго (ЗАТ "Вітэкс". - Заўвага БЕЛТА) менш праблем - экспарт вялікі. Але ў нас жа ёсць прадпрыемствы, якія на свой рынак не могуць прабіцца і паставіць. Гэта сур'ёзнае пытанне. Хацелася б, каб мы да яго больш не вярталіся", - рэзюмаваў беларускі лідар.