17 красавіка, Лідскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падтрымку шклозаводу "Нёман" і заявіў аб пашырэнні вытворчасці. Аб гэтым ён сказаў у час сустрэчы з працоўным калектывам шклозавода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы малайцы, што працуеце. У вас ёсць перспектыва", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт, у прыватнасці, адзначыў, што на прадпрыемстве арганізаваны выпуск шклаваты, на якую вялікі попыт на рынку, гэта імпартазамяшчальная прадукцыя. "Таму я прыняў рашэнне аб будаўніцтве яшчэ аднаго цэха тут. Грошы мы знойдзем для гэтага. Але самае галоўнае, што тая прадукцыя, якую вы будзеце вырабляць, яна патрэбна не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець і пытанне адтэрміноўкі плацяжоў па даўгавых абавязацельствах прадпрыемства. "Што датычыцца вашых даўгоў, я разгледжу праект указа (ён у мяне на стале), наколькі вам адтэрмінаваць, каб вы маглі разлічыцца з дзяржавай. Вы ж разумееце, медыкам і ўсім трэба плаціць, і лякарствы трэба купляць - усё гэта за бюджэтныя грошы. А каб вам даўгі адтэрмінаваць, гэта трэба туды, дзе вы ўзялі, пакласці за кошт некага. Мы вас падтрымаем у гэтым плане, але майце на ўвазе, што вам трэба ўпірацца", - сказаў ён.
Прэзідэнту далажылі аб рабоце прадпрыемства, існуючых пытаннях і перспектывах развіцця. Дзякуючы запуску вытворчасці шклаваты ўдалося значна павялічыць аб'ёмы вытворчасці, пашырыць геаграфію экспарту.
"Прадукт пазнаваемы, ён запатрабаваны. На гэты момант ёсць пэўныя праблемы, але мы іх вырашым", - запэўніў кіраўнік прадпрыемства Юрый Кісляк.
Паводле яго слоў, ёсць попыт і на хрусталь, тым больш што "Нёман" застаўся самым буйным вытворцам гэтай прадукцыі ў Еўропе і на постсавецкай прасторы.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў правільнасць прынятага ў папярэднія гады рашэння аб неабходнасці падтрымаць і захаваць прадпрыемства. "Людзі ўнікальныя, умеюць рабіць усё гэта. Хрусталь выдатны", - адзначыў беларускі лідар. Ён прывёў у прыклад, што нават Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў карыстаецца спецыяльнымі хрустальнымі шклянкамі для чаю, якія выраблены на гэтым беларускім прадпрыемстве.
Разам з тым кіраўніцтву прадпрыемства і адказным чыноўнікам дасталася порцыя крытыкі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што якраз перад яго прыездам тэрыторыю шклозавода пастараліся вызваліць ад бракаванай прадукцыі, якая ляжала там гадамі. Відавочна, каб схаваць з вачэй кіраўніка дзяржавы. "Пачалі хаваць гэты свой брак, які валяўся там тры гады. Я гэта ведаю. Вось да 1 верасня іх задача. Яны мне сказалі, што яны гэта ўсё здробняць, прададуць", - адзначыў Прэзідэнт у час сустрэчы з калектывам прадпрыемства.
Ад'язджаючы з завода, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз даручыў хутчэй пачынаць рэалізацыю праекта па будаўніцтве новага цэха па вытворчасці шклаваты. Гэта не толькі перспектыва для самога прадпрыемства, але работа для мясцовых будаўнікоў.