22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестары павінны прыходзіць у Беларусь не як у бананавую рэспубліку, а як у нармальную высокатэхналагічную, высокаразвітую. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бягучых геапалітычных абставінах складана разлічваць на прыход у беларускую эканоміку заходніх інвестараў. Давайце будзем арыентавацца на іншых: усходніх, азіяцкіх, афрыканскіх і гэтак далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ды і з заходнімі трэба працаваць, не трэба адхіляць з парога".
Пры гэтым Прэзідэнт нагадаў пра важнае правіла: у аснове любога праекта павінна прэваліраваць сацыяльная адказнасць - паўнацэнная занятасць для работнікаў, дастойныя зарплаты, шырокі сацпакет і, зразумела, выплата падаткаў.
"Толькі прыехаць сюды, як раней гаварылі, і высмактаць усе сокі з народа, выціснуць усё, што можна, заплаціўшы нейкую капейку (падаткі пры гэтым не плаціць, а рабочым, скажам, $500), а асноўны прыбытак вывесці ў выглядзе дывідэндаў у недружалюбныя краіны. Я не думаю, што такія праекты нам патрэбны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сюды трэба прыходзіць не як у бананавую рэспубліку, а як у нармальную высокатэхналагічную, высокаразвітую, і працаваць трэба перш за ўсё са сваімі інвестарамі".