11 снежня, Ашхабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з афіцыйным візітам у Туркменістане, сёння наведаў сумесную беларуска-туркменскую выстаўку-кірмаш і Алімпійскі гарадок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выстаўцы прадстаўлена прадукцыя 117 кампаній. На першым паверсе комплексу праходзіць кірмаш, куды могуць прыйсці ўсе жадаючыя прадэгуставаць прадстаўленую прадукцыю, тут жа вядзецца работа з дылерамі, гатовымі ў далейшым купляць яе. Дэманструюцца як прадукты харчавання, так і тавары народнага спажывання, у прыватнасці беларуская мэбля, газавыя пліты, беларускія шпалеры і іншая прадукцыя, якая можа быць запатрабавана сёння на туркменскім рынку. На другім паверсе праходзіць выстаўка для спецыялістаў, дзе абмяркоўваюцца будучыя кантракты, магчымыя пастаўкі і перспектывы сумеснай вытворчай кааперацыі.
Як паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, да пачатку выстаўкі планавалася падпісанне ўжо 8 кантрактаў на агульную суму $10,5 млн. У прыватнасці, кантракты кампаній "Белнафтахім", "Белшына", "Магілёўхімвалакно" на ПЭТ-сыравіну для вытворчасці ПЭТ-бутэлек, "Магатэкс", Магілёўскі мясакамбінат, "Мінск Крышталь" на пастаўку гатовай прадукцыі і беларускага спірту. Акрамя таго, на выстаўцы прадстаўлены стэнды міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, дзе дадаткова абмяркоўваюцца пытанні навучання туркменскіх студэнтаў у Беларусі. Паводле слоў Міхаіла Мятлікава, плануецца, што выстаўку-кірмаш наведаюць дэлегацыі праводзімай у Ашхабадзе ў гэтыя дні міжнароднай канферэнцыі.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыю як беларускай, так і туркменскай прадукцыі. Каля стэнда з паліграфічнай прадукцыяй міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч прэзентавала кнігу Прэзідэнта Туркменістана ў перакладзе на беларускую мову. У кнізе кіраўнік туркменскай дзяржавы расказвае пра свайго дзядулю - сельскага настаўніка. Кніга выдадзена па выдавецкай праграме Мінінфарма.
Прэзідэнт Беларусі сёння таксама наведаў Алімпійскі гарадок, дзе агледзеў шматфункцыянальную спартыўную арэну, велатрэк, залу цяжкай атлетыкі.