23 верасня, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. На сустрэчы лідараў Беларусі і Кітая ў Самаркандзе ў рамках саміту ШАС былі вырашаны пытанні на мільярды долараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з журналістамі ў дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы толькі з Кітаем на сустрэчы вырашылі пытанні на мільярды долараў, найвышэйшых тэхналогій", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пытанне аб вытворчасці беларускіх рэактыўных сістэм залпавага агню, якія ў далейшым атрымалі назву "Паланэз", упершыню было закранута на такім жа саміце. У далейшым Кітай падтрымаў Беларусь у гэтым пытанні. "Цяпер мы ўжо ўсё робім", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на саміце ШАС правёў сустрэчы са многімі кіраўнікамі дзяржаў: з кімсьці гэта былі афіцыйныя перагаворы, нейкія сустрэчы не трапілі ў аб'ектывы тэлекамер. "Я і з Азербайджанам абмеркаваў пытанні, і з туркамі - Рэджэпам Эрдаганам, - сказаў ён. - Калі ты ў гэтым бурным катле знаходзішся, ты адчуваеш нерв планеты ўсёй. Гэта ж для Прэзідэнта вельмі важна. Мне ж трэба ўбудоўваць Беларусь у гэту сістэму сусветных адносін".