4 мая, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва павінна стаць рухавіком адносін Беларусі і Кітая. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая. "Менавіта там знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння. Наверсе вырашыць можна шмат што ў дамоўленасцях паміж прэзідэнтамі, урадамі, ведамствамі. А вось рэалізаваць усё гэта ў поўным аб'ёме магчыма толькі падцягваючы канкрэтныя правінцыі і рэгіёны. Гэта добрае не толькі дапаўненне ў рэалізацыі дамоўленасцей паміж кіраўніцтвам Кітая і Беларусі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - добры рухавік нашых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у прыклад узаемадзеянне паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. "Я часта гавару, што, калі б не было міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, у нас ніколі не было б такіх саюзніцкіх адносін з гэтай дзяржавай", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што кожная вобласць Кітая па эканамічным патэнцыяле параўнальна з моцнай сярэднееўрапейскай краінай. У прыватнасці, ВУП адной толькі правінцыі Гуандун складае амаль $1,3 трлн.