11 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Мы запрашаем турэцкіх інвестараў у Беларусь, заявіў сёння кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы запрашаем турэцкіх інвестараў у Беларусь. Сёння ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў" працуюць ужо шэсць рэзідэнтаў з вашай краіны і ёсць усе магчымасці для стварэння спецыялізаванай прамысловай зоны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, інтарэсам абедзвюх краін адпавядае далейшае развіццё ўзаемавыгадных і збалансаваных інвестыцыйных і крэдытна-фінансавых адносін. У Беларусі ўжо ёсць шэраг прыкладаў паспяховай дзейнасці турэцкіх інвестараў у сферы будаўніцтва, тэлекамунікацый, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будматэрыялаў. "Аднак можна смела сказаць, што на гэтым напрамку ў нас захоўваецца значны незадзейнічаны патэнцыял", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў падумаць аб перспектывах актывізацыі беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў банкаўскай сферы. "Са свайго боку гатовы падтрымаць стварэнне ў Беларусі банка з турэцкім капіталам або ўваходжанне турэцкага банка ў капітал аднаго з ужо дзеючых беларускіх", - сказаў кіраўнік дзяржавы.